“Калядныя сустрэчы”

Больш за 130 юных спартсменаў узростам ад 7 да 14 гадоў сабраў у суботу ў СШ №2 Смілавічаў чатырынаццаты па ліку міжрэгіянальны лёгкаатлетычны турнір “Калядныя сустрэчы”.

Акрамя навучэнцаў нашай спартшколы з Чэрвеня і Смілавічаў, у спаборніцтвах узялі ўдзел каманды з Барысава, Жодзіна, Узды, Мар’інай Горкі і Салігорска.

Па выніках спаборніцтваў яго гаспадары, смілаўчане і чэрвеньцы, занялі 16 прызавых месцаў. Двое з іх вызначыліся адразу ў трох відах праграмы. Гэта смілаўчане Дзяніс Ісаенка (усе першыя месцы) і Юлія Вількоўская (два першыя і другое месцы). Яшчэ тры прадстаўнікі каманды Смілавічаў двойчы ўздымаліся на п’едэстал гонару: залатыя медалі – у Івана Мялешчыка, сярэбраныя – у Аляксандра Якушава, сярэбраны і бронзавы – у Паўла Клімовіча. Прызёрамі спаборніцтваў таксама сталі Сабіна Кукалева, Аліна Салаўчук, Арцём Русак, Сяргей Сямёнаў са Смілавічаў і Аліна Касцян з Чэрвеня.

Не засталіся абдзеленымі ўвагай і трэнеры спартсменаў. Былая выхаванка смілавіцкага філіяла Чэрвеньскай СДЮШАР, менеджэр па продажу сеткі магазінаў “Сильный пол” Наталля Няхай уручыла ім сертыфікаты на скідку пры набыцці тавараў, а таксама – фірменныя сувеніры кожнай камандзе.